КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,
прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.
Л.В.Калядзінскі.
т. 9, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)